Напярэдадні Дня ведаў у Слуцкім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі віншавалі першакласнікаў, правялі дабрачынную акцыю

29.08.2019

На працягу ўжо многіх гадоў у Слуцкім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі напярэдадні Дня ведаў для першаклашак – дзетак работнікаў арганізацыі праводзяць святочнае мерапрыемства: дораць  школьныя прылады, іншыя карысныя падарункі да навучальнага года.

Вось і 27 жніўня прайшло такое свята: з каляровымі шарамі, цудоўнымі падарункамі і пажаданнямі. Галоўнымі яго ўдзельнікамі былі Марыя Халецкая і Паліна Туравец: дзяўчынкам уручылі яркія заплечнікі са школьнымі прыладамі, і, канечне,  прагучалі напутствы  работнікаў цэнтра на добрую вучобу, цікавае школьнае жыццё. У свяце ўдзельнічалі і бацькі юных случчан. Падарункі да школы атрымаюць яшчэ двое дзяцей-першакласнікаў работнікаў цэнтра – Ірына Волахава і Косця Шнэк.

– Гэта ў нашым калектыве ўжо шматгадовая традыцыя, – адзначае дырэктар РУП «Слуцкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі» дэпутат Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Генадзьеўна Якута, – віншуем з пачаткам школьнага жыцця дзяцей работнікаў  нашага цэнтра, пасля заканчэння  кожнага навучальнага года ўшаноўваем лепшых вучняў. Увага – вялікі стымул і для маленькага, і для дарослага чалавека, стымул у вучобе, у працы, у творчасці. Нашы работнікі ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях, калектыў па меры магчымасцей дапамагае некаторым установам адукацыі Слуцка. Цяпер актуальнае пытанне,  каб да школы былі забяспечаны  ўсім неабходным дзеці з мнагадзетных, няпоўных, няўдачных сем’яў. Праходзяць адпаведныя дабрачынныя акцыі прафсаюзаў, БРСМ, не засталіся ў баку ад гэтага і работнікі Слуцкага ЦСМС: супрацоўнікі  нашай арганізацыі за ўласныя сродкі набылі школьныя тавары для дзяцей з мнагадзетнай і апякунскай сям’яў – вучняў сярэдняй школы №12.

Сшыткі, алоўкі, фламасцеры, фарбы і шмат чаго іншага прывезлі для  Яўгеніі, Анастасіі і Яраслава Лістапад, а таксама Дзіяны, Дзімы і Мікіты Стром у СШ №12 старшыня прафкама Слуцкага ЦСМС Таццяна Віктараўна Тарыба і адказная за ідэалагічную работу  Вольга Анатольеўна Макарава. Да пачатку сустрэчы дзеці прызналіся, што па вучобе ўлетку не надта сумавалі, а ўбачыўшы яркія новенькія сшыткі, ручкі, іншыя школьныя рэчы, заўсміхаліся, сказалі, што  ўжо зноў захацелася за парты. Радасцю ззялі дзіцячыя вочкі, усмешкі асвятлялі твары дарослых, дзеці, іх родныя дзякавалі за падарункі.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.